СТАРЭ́ННЕ МАГНІ́ТНАЕ,

змена магн. уласцівасцей ферамагнетыкаў і ферымагнетыкаў з цягам часу.

Адрозніваюць С.м. абарачальнае і неабарачальнае. Абарачальнае С.м. абумоўлена перабудовай даменнай структуры (гл. Дамены) у выніку знешніх уздзеянняў: пастаянных і пераменных магн. палёў, ваганняў т-ры, мех. вібрацый, радыяцыі і інш. Паўторнае намагнічванне ўстараняе вынікі абарачальнага С.м. і аднаўляе першапачатковую намагнічанасць. Неабарачальнае С.м. звязана са структурным старэннем рэчыва — зменай крышт. структуры, дысперснасці фаз і інш. элементаў структуры ў выніку дыфузіі, распаду цвёрдага раствору, упарадкавання і інш. Для павышэння магн. стабільнасці вырабаў праводзяць штучнае старэнне. Напр., для стабілізацыі крышт. структуры вырабы вытрымліваюць пры павышанай т-ры; для стабілізацыі даменнай структуры пастаянных магнітаў іх часткова размагнічваюць пераменным полем з амплітудай, якая спадае да нуля. Звычайна выкарыстоўваюць той від уздзеяння, якому выраб павінен процістаяць у працэсе эксплуатацыі.

Літ.:

Гл. пры арт. Магнітныя матэрыялы.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 15, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)